Сёння, 2 ліпеня, першымі ў раёне, пачалі ўборачную кампанію працаўнікі КСУП «Малінаўка-Агра». Адкрыў свята старшыня Лоеўскага раённага выканаўчага камітэта Алег Віктаравіч Таргонскі. Ён павіншаваў аграрыяў з пачаткам жніва.
— Паважаныя хлебаробы! Мы сабраліся сёння на свята збору збожжа новага ўраджаю. Са старажытных часоў хлеб з’яўляецца сімвалам дастатку краіны і найбольшай каштоўнасцю для беларусаў. Колькі сіл і стараннасці было ўкладзена Вамі, каб вырасціць ураджай. Таму так важна зрабіць усё магчымае і немагчымае каб ваш праца не знік, каб хлеб быў прыбраны ў самыя кароткія тэрміны і без страт… Паважаныя хлебаробы! Віншую вас з Зажынкамі. Хай тэхніка ніколі не падводзіць, а ўраджай перавысіць самыя смелыя чаканні. У добры шлях, — пажадаў кіраўнік раёна.
Таксама ўдзельнікаў свята «Зажынкі » павіншаваў намеснік старшыні Лоеўскага райвыканкама-начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Павел Радзіевіч Ібрагімаў. Павіншаваў усіх з пачаткам галоўнай і адказнай кампаніі кіраўнік КСУП «Малінаўка-Агра» Васіль Ціханавіч Глезаў, назваўшы складнікі паспяховай працы: асабістую дысцыпліну, адказнасць, аператыўнасць і якасць уборкі.
Да віншаванняў далучыліся старшыня Лоеўскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Сяргей Міхайлавіч Дземідзенка і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ніна Рыгораўна Новік.
Гасцямі свята сталі намеснік старшыні Лоеўскага райвыканкама Наталля Леанідаўна Каурава, адміністрацыя КСУП «Малінаўка-Агра».
«Зажынкі» — традыцыя, якая адкрывае ўборачную кампанію. Нашы продкі грунтоўна рыхтаваліся да абраду: начышчалі да бляску серп і загаворвалі яго, прасілі блаславення ў царкве. Першы сноп павінна была зрэзаць найстарэйшая жанчына ў сям’і. Вось і сёння першымі ў поле выйшлі жанчыны. Пад песні яны сабралі першыя каласкі і перадалі іх дырэктару КСУП «Малінаўка-Агра» Васілю Ціханавічу Глезаву.
Па народным звычаі першы сноп падкідвалі» ў гару » і загадвалі жаданне. Тое ж самае зрабіў і Уладзімір Леанідавіч-загадаў жаданне на добрае надвор’е, на вялікі ўраджай і на заможнае жыццё насельніцтва раёна.
У Беларусі здаўна існуе добры звычай-перад вялікай і значнай падзеяй прасіць блаславення Божага. Здзейсніў малебен і блаславіў хлебаробаў настаяцель прыхода храма Святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай аг Малінаўка іерэй Міхаіл Іваноў. Ён пажадаў здароўя, дабрабыту, цярпення, мудрасці на гэты важны і нялёгкі час і асвяціў сельгастэхніку.
Добрага ўраджаю і сонечнага надвор’я вам, хлебаробы!
Хай Лоеўскі каравай ураджаю — 2024 будзе вялікім і важкім!
Блакіт нябёс і белы бусел,
І кветкі ў полі, як абрус…
Мой край завецца Беларуссю,
Хай будзе з хлебам Беларусь!